Тышкевіч: «Як паўнавартасны ўдзельнік за стол перамоў Лукашэнка дакладна не трапіць»

Филин абмеркаваў з аналітыкам Ігарам Тышкевічам змены ў беларуска-ўкраінскіх стасунках і перспектывы для афіцыйнага Менску і апанентаў рэжыму.

Днямі стала вядома, што Кіеў прызначыць спецпасланніка для кантактаў з беларускімі дэсіламі — адпаведнае даручэнне даў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Таксама рыхтуецца першы афіцыйны візіт Святланы Ціханоўскай ва Украіну.

Аналітыкі ацэньваюць такую досыць рэзкую змену ўкраінскай палітыкі адносна Беларусі па-рознаму: хтосьці бачыць у гэтым пацяпленні «вакно магчымасцяў» для дэмакратычных сіл, іншыя раяць устрымацца ад эйфарыі. Былы пасол Украіны ў РБ Ігар Кізім зазначыў: «Шкада згубленага часу».

Филин абмеркаваў з аналітыкам Ігарам Тышкевічам, наколькі істотныя зрухі адбываюцца ў пазіцыі Кіева, і што гэта (магчыма) дасць беларусам.

— Гэта дэманстрацыя таго, што Украіна пачынае фармаваць сваю палітыку на беларускім накірунку, — мяркуе Ігар Тышкевіч. — Яшчэ раз — не сфармавала ўжо, але пачынае.

Ігар Тышкевіч

Фактычна, гэта можна назваць адзнакаю часу. Ідуць перамовы пра заканчэнне вайны, і ў тым ліку паўстае пытанне, што далей будзе з Беларуссю — бо ёсць амерыканскі перамоўны трэк, пэўныя змены на літоўскім і польскім кірунку. У такіх варунках адсутнасць палітыкі Украіны па Беларусі выглядала б дзіўна.

Другое і ключавое пытанне: чым будзе займацца гэты пасланнік. Ці будзе ён мець, так бы мовіць, адміністратыўны ці палітычны ўплыў унутры Украіны.

Сказаць, што гаворка выключна пра кантакты з беларускімі дэмсіламі ў разуменні Офіса Ціханоўскай, — адназначна не. Бо міністр МЗС Украіны Сібіга зазначыў у сваім інтэрв’ю: ёсць разуменне, што Ціханоўская не адна.

На наступным этапе, калі будзе асобны перамоўны трэк з Беларуссю (маю на ўвазе, з беларускімі ўладамі) — важнае пытанне, ці будзе гэты пасланнік адказваць за яго.

Пакуль што мірны працэс ва Украіне адмініструецца ЗША, — але я хачу нагадаць пра зняццё санкцый з беларускай калійкі. А таксама пра неабходнасць абмеркавання транзіту, доступу да ўкраінскіх партоў у выпадку завяршэння вайны. Тэарэтычна гэта функцыя спецпасланніка.

Таму, паўтаруся, зводзіць ягоную ролю да кантактаў з Офісам Святланы Ціханоўскай я бы не стаў. Такія кантакты, натуральна, пажвавяцца. Але Офісу трэба памятаць, што на ўкраінскім кірунку яны не адзіныя, не адны і не ключавыя партнёры.

— Кіраўнік МЗС Андрэй Сібіга заявіў, што рэжым Лукашэнкі і ён асабіста мусяць «панесці адказнасць за саўдзел у расейскай агрэсіі». Прэс-служба беларускага правіцеля паспяшалася адказаць, маўляў, нічога не ведаем пра планы Кіева ўзбудзіць крымінальную справу, але нас тое і не хвалюе. А насамрэч?

— Канешне, іх гэта хвалюе. Яны будуць штосьці рабіць з гэтам, проста зараз не маюць афіцыйнай пазіцыі, каб з ёй выступіць.

Што да словаў пра адказнасць — давайце не забывацца, што Сібіга —дыпламат і адпаведна ўспрымаць ягоныя заявы. Разгледзім, якія могуць быць варыянты, каб Лукашэнка панёс адказнасць.

— Амерыканскі варыянт па Венесуэле. Малаверагодна, праўда?

— Міжнародны варыянт датычна Лукашэнкі. Таксама малаверагодна.

— Спыненне кантактаў з афіцыйным Менскам нават пасля заканчэння вайны, умоўна, «жалезная заслона». Улічваючы перамоўны амерыканскі трэк — зноў малаверагодна.

— Пэўнае аднаўленне эканамічных ці нейкіх іншых кантактаў і, як умова, хаця б частковае пакрыццё нанесенай шкоды. Не зусім рэпарацыі, бо іх здымаюць з таго, хто прайграў вайну, але ж пэўная кампенсацыя.

І ўсё гэта падпадае пад вызначэнне адказнасці.

— Ці можа быць яшчэ адзін варыянт, акрамя пералічаных: што Кіеў не супраць стасункаў з афіцыйным Менскам, але не канкрэтна з Лукашэнкам?

— Зараз Лукашэнка загнаў сябе ў такую сітуацыю, што ён перастаў успрымацца значнай часткай партнёраў, прычым як на Захадзе, так і на Усходзе, гледзячы крышку далей за Расею, як адзіны кантакцёр, які можа забяспечыць нейкую стабільнасць і прадказальнасць.

Але ж бяда апанентаў Лукашэнкі, калі мы гаворым пра дэмакратычны лагер — яны не прапануюць нічога, што прадэманстравала хаця б шансы на стабільнасць і прадказальнасць пры змене ўлады.

Натуральна, што разглядаецца сцэнар кантактаў і з цяперашнімі ўладамі ў фармаце realpolitik. Паглядзім на польскі прыклад — перамоўны трэк ёсць, хаця ў Мінску хто сядзіць?

Альбо заявы Літвы, што яны гатовы абмяркоўваць транзіт, калі ад ЗША паступіць такая просьба — пры тым, што ў Мінску застаецца пры ўладзе Лукашэнка. Таму ёсць ідэальны варыянт, ёсць прымальны, а ёсць той, пры якім сцяўшы зубы, усё адно працуеш.

Са свайго боку, нагадвае Ігар Тышкевіч, Мінск вельмі хоча і вярнуцца рана ці позна на страчаны ўкраінскі рынак, і аднавіць супрацоўніцтва — пытанне толькі, у якім фармаце гэта атрымаецца.

— Ці будзе Беларусь сядзець за перамоўным сталом? Тут шмат што залежыць ад «Рады міру», у якую Лукашэнка ўлез. Для яго гэта вельмі вялікі падарунак. Калі Трампу ўдасца ўцягнуць у арганізацыю яшчэ некалькі краін з геапалітычнай вагой, то наступным крокам пасля Газы можа быць спроба падмены сабой Рады бяспекі ААН і спроба задзейнічаць «Раду міру» ў постканфліктных працэсах у іншых кропках.

Станам на сёння за перамоўным сталом па мірным пагадненні ва Украіне Лукашэнка сядзець не будзе. Гэта працэс мадэруюць Злучаныя Штаты, і дапускаць у яго Трамп не хоча нікога, нават еўрапейскіх партнёраў.

Калі гэты трэк праваліцца і давядзецца пашыраць рамкі, далучаць іншыя дзяржавы — пытанне будзе адкрытым. Але як паўнавартасны ўдзельнік Лукашэнка не трапіць за гэты стол дакладна. Магчыма, як адна з праблем на арбіце, якую трэба ўрэгуляваць.