Ганна Курыс: «Я села за тое, што вайну назвала вайной»
Экс-палітзняволеная Ганна Курыс атрымала два гады калоніі паводле чатырох палітычных артыкулаў, піша Белсат.
Сама Ганна кажа, што апынулася за кратамі «за тое, што вайну назвала вайной», а сваё вызваленне ўспамінае як начны ўздым, кайданкі і дарогу ў невядомасць – без магчымасці развітацца.
– Аня, раскажыце крыху пра сябе.
– Мне 23 гады, я з Баранавічаў. Вучылася ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці «выкладанне сучасных замежных моў» – павінна была стаць выкладчыцай англійскай.
– На якім вы былі курсе, калі вас забралі?
– На трэцім.
– Вас судзілі па чатырох артыкулах. Па якіх?
– Арт. 370 (здзек над дзяржаўнымі сімваламі), арт. 368 (абраза Аляксандра Лукашэнкі), арт. 130 (распальванне варожасці або розні) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Беларусі). 9 снежня 2024 года мне вынеслі прысуд – два гады.
– Як вас затрымалі?
– Усё пачалося з адміністрацыйнага арышту. Да мяне прыехалі проста дадому людзі ў цывільным з міліцыі, і сказалі, што я павінна адправіцца з імі ў ГУУС «літаральна на пару словаў». Я была спрасонку, наогул не магла зразумець – хто гэтыя людзі, чаму я павінна ехаць у міліцыю і гэтак далей.
У міліцыі ў мяне забралі тэлефон, знайшлі нейкую карцінку, сказалі, што гэта адміністрацыйны артыкул і пасадзілі ў штрафны ізалятар. Потым быў суд, мне далі 10 содняў.
Але паколькі яны ў мяне забралі тэлефон, то ў гэтым тэлефоне яны ўжо знайшлі ўсё, што хацелі – на ўсе мае чатыры крымінальныя артыкулы. Зайшлі ў мой архіў гісторыі ў Instagram. То бок усе мае «экстрэмісцкія матэрыялы» былі не ў адкрытым доступе на старонцы, але былі ў архіве.
У прынцыпе можна сказаць, што я села за тое, што вайну назвала вайной.
– Як праходзіў працэс вашага «вызвалення»?
– Да мяне прыйшлі апоўначы. Я спакойна спала, пачула, нешта нехта шуміць у нашай секцыі. Адкрываю вочы, бачу нашага аператыўнага куратара і яшчэ аднаго супрацоўніка калоніі.
Ён свеціць мне ліхтарыкам у твар і на маю бірку на ложку. Потым кажа: «Збірайся, ідзеш дадому». Я думаю: што? Што адбываецца наогул? Ён кажа: «Гэта не жарт, збірай усе рэчы і выходзь у калідор».
Я ўстаю, мяне проста трасе, я проста не веру ў тое, што адбываецца. Разам са мной былі яшчэ дзве жанчыны, нас адвялі ў каранціннае памяшканне. Забралі ў нас форменнае адзенне, нагрудныя біркі парэзалі і выкінулі.
Раніцай прыйшоў намеснік начальніка па аператыўнай працы. Ён сказаў, што нас, хутчэй за ўсё, вывезуць. І дадаў: «Калі прыедзеце, на вас накінуць гэтыя БЧБ-шные анучы. Не паддавайцеся. Зрабіце правільны выбар».
Потым нас закавалі ў кайданкі, пасадзілі ў аўтобус і мы проста паехалі ў невядомасць.
Па дарозе я плакала, чым прыводзіла суправаджаючых у здзіўленне – цябе ж вызваляюць, што ты равеш? Але я плакала, бо мне не далі ні з кім па-чалавечы развітацца.
Прывезлі на нейкую пустку, знялі кайданкі, потым папрасілі выцягнуць рукі і проста заматалі іх скотчам. Шчыра кажучы, мільганула думка, што мяне проста расстраляюць тут і ўсё. Але нас перасадзілі ў іншы аўтобус.
– Калі вы даведаліся, што вас вязуць менавіта ва Украіну?
– Калі ўбачылі таблічку «Сардэчна запрашаем ва Украіну».
– Вы некалькі дзён правялі ў Чарнігаве. Як гэта – быць у краіне, дзе ідзе вайна?
– Я адчула пацверджанне таго, што сяджу за праўду. За тое, што назвала вайну вайной. І самае дзіўнае – у краіне, дзе ідзе вайна, я адчувала сябе ў большай бяспецы, чым у краіне з «мірным небам».
Там было чалавечае стаўленне, падтрымка. Гэта былі вельмі дзіўныя адчуванні.
Нас «вызвалілі» 13 снежня, а 15-га ў мяне быў дзень нараджэння. І валанцёры паднеслі мне торт. Гэта было нечакана і вельмі прыемна. У цэлым стаўленне да нас было вельмі добрым.
– Раскажыце пра калонію. Якія там умовы?
– Пра гэта можна распавядаць гадзінамі. У 13-м атрадзе, дзе была я, былі добрыя бытавыя ўмовы – кухня, сантэхніка, душавыя. У іншых атрадах часта нават туалетаў нармальных няма – проста дзірка ў падлозе. У 21-м стагоддзі – проста дзірка ў падлозе.
Што тычыцца стаўлення з боку адміністрацыі, яно было розным. Некаторыя стараліся паводзіць сябе нейтральна, але былі і тыя, хто падшпілеваў пастаянна – маладая, дарэвалюцыянерылась?
– Як складваліся адносіны з іншымі зняволенымі?
– У атрадзе ў нас была строгая начальніца, таму атмасфера была спакойная. Але, вядома, вельмі шмат палітвязняў – Каця Бахвалава, Лена Маліноўская і іншыя.
– Калі параўноўваць ІЧУ, СІЗА і калонію, дзе давялося цяжэй за ўсё?
– Напэўна, у СІЗА – я была і ў берасцейскім, і ў баранавіцкім. У берасцейскім практычна адсутнічала меддапамога, і мне з маімі праблемамі са здароўем было цяжка, але некаторым было яшчэ горш.
Дзяўчына з пазаматкавай цяжарнасцю ледзь не сышла крывёй, ёй не аказвалі медычную дапамогу і адмаўляліся выклікаць хуткую.
Але наогул, кожнае з месцаў зняволення – гэта маленькі філіял пекла. Напрыклад, у ІЧУ ў Баранавічах, дзе я адбывала «содні», я спала ў лёгкім камбінезоне на падлозе. Вельмі холадна, батарэі не грэюць, вады гарачай няма. Перадачу з цёплым адзеннем не перадалі.
На дзясятыя суткі мне стала дрэнна, я стала задыхацца, мяне забралі на хуткай у больніцу. А потым прывезлі назад, дабываць некалькі гадзінаў арышту.
У калоніі жудасныя ўмовы на фабрыцы.
– Цяпер вы ў Вільні. Дзе вы жывяце?
– Мне знялі жыллё ў кавілінгу. Уяўляеце, я жыву адна. Пасля паўтара года, праведзенага ў зняволенні, калі ты пастаянна побач з кімсьці, гэта зноў жа вельмі дзіўныя адчуванні.
– Хто ў вас застаўся ў Беларусі?
– У мяне складаная сітуацыя на самай справе, таму што ў мяне ёсць і мама, і тата, і брат малодшы, бабуля. Але маю зносіны я толькі з братам і з татам. Таму што мама ў мяне... не ведаю, яна вельмі баіцца, напэўна, наогул усёй гэтай сітуацыі. Яна мяне пераконвае, што трэба тэрмінова вяртацца ў Беларусь.
– Плануеце?
– У гэтую Беларусь – дакладна не. За некалькі дзён да майго «вызвалення» я размаўляла з іншай зняволенай – казала ёй, што вызвалюся і буду ладзіць сваё жыццё ў Беларусі – таму што нікога ў мяне за мяжой няма. Але раз яны вырашылі за мяне – значыць, гэта знак.
– Якія планы на бліжэйшую будучыню?
– Чакаю прыезду таты. Вельмі далёка баюся зазіраць. У мяне няма адукацыі, няма працы, ды і ў цэлым нічога няма. Але і там у мяне нічога няма.
– Ці ёсць адчуванне эйфарыі ад свабоды?
– Яе таксама няма. Хоць гэта выдатна – быць у краіне, дзе можна адчуваць сябе свабоднай. І не баяцца.
Читайте еще
Избранное