Ці дапаможа сінхраніст, калі палітыкі не хочуць чуць адзін аднаго

Перакладчык-сінхраніст Антон Кляванскі распавёў пра тонкасці і цяжкасці ў наладжванні дыялогу на розных мовах.

Фота з персанальнага сайту Антона Кляванскага

Пасля перапалкі ў Белым доме, калі многія эксперты звярнулі ўвагу на адсутнасць перакладчыкаў, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пераважна размаўляе па-украінску.

Насамрэч, казусы непаразумення і цяжкасці перакладу ў палітычных дыялогах і міжнародных падзеях высокага ўзроўню — рэч распаўсюджаная. Пра ролю перакладчыка ў такіх выпадках распавёў перакладчык-сінхраніст Антон Кляванскі, які шмат год працуе ў структурах Еўразвязу і ААН.

— За гэты час я перакладаў, напэўна, амаль для ўсіх лідараў тых краін постсавецкай прасторы, дзе яшчэ размаўляюць па-руску, — зазначыў перакладчык у эфіры Обычного утра. — На сустрэчах так званых высокіх службовых асоб, як правіла, у кожнага боку ёсць свой перакладчык.

Двухбаковыя афіцыйныя сустрэчы альбо тэлефонныя размовы — кшталту гутаркі Трампа і Пуціна — звычайна адбываюцца пад паслядоўны пераклад, тлумачыць Антон Кляванскі. То бок, палітыкі слухаюць адзін аднога, а потым перакладчыкаў, могуць пачуць і адчуць інтанацыю, сарказм суразмоўцы.

Ці мог дасведчаны перакладчык не давесці да скандалу спрэчку ў Белым доме? Адмысловец сумняецца ў гэтым:

— Сцвярджаць, што перакладчык выратаваў бы сітуацыю і ўсё было б па-іншаму, напэўна, будзе памылкай.

Калі Трамп не слухаў Зяленскага — я не ведаю, ці слухаў бы ён перакладчыка. Але апошні ўсё ж такі мог бы дапамагчы — у тым сэнсе, што ён дае магчымасць чалавеку прамаўляць на той мове, якой ён валодае вальней.

Да таго ж часта перакладчык выступае ў якасці мадэратара і дае магчымасць спікерам крыху сцішыць эмоцыі. І нарэшце, паслядоўны пераклад дае магчымасць вытрымаць нейкую паўзу, лепей сфармуляваць думку, трохі даўжэй падумаць над адказам.

Аднак перабольшваць ролю перакладчыкаў непасрэдна ў заключэнні міжнародных дамоўленасцяў таксама не варта, дадае Кляванскі:

— Так, усе дамоўленасці, пра якія вяліся перамовы цягам 20 стагоддзя, былі падпісаныя з удзелам перакладчыкаў. Яны працавалі ва ўсіх міжнародных арганізацыях. Але ўсё ж гэтыя дамовы былі падпісаныя не перакладчыкамі.

І ўсе мы разумеем: калі да нас не будзе даверу з боку кліентаў, а гэта могуць быць і палітыкі, і бізнесоўцы — тады мы проста не зможам працаваць.

Наколькі складана стрымліваць уласныя эмоцыі, калі відавочна, што прамоўца, якога ты перакладаеш, хлусіць і маніпулюе?

— Я заўсёды меў вялікі прывілей у тым сэнсе, што працаваў на тым баку, які больш адпавядае маім поглядам. Даводзілася перакладаць і словы Пуціна, але я рабіў гэта для Еўракамісіі, для прэзідэнтаў еўрапейскіх краін — то бок, сваім кліентам не хацелася «даць у пысу».

Зразумела, існуюць пэўныя культурныя асаблівасці, розніца ў менталітэтах, якую не заўсёды прымаюць да ўвагі. Таксама ўзнікаюць складанасці, калі кліент вырашае экспромтам пажартаваць альбо распавесці анекдот: перакладчык мусіць усё гэта перадаць, аднак жарты, показкі бывае перакладаць вельмі цяжка, і з іх успрыманнем іншым бокам могуць узнікнуць складанасці.

У Пуціна, у прыватнасці, працуюць вельмі прафесійныя, вельмі дасведчаныя калегі-сінхраністы — і я часам назіраў, як яны пакутуюць. Таму штучны інтэлект пакуль што працу ў нас не адбярэ, з сучасным узроўнем развіцця тэхналогій усё ж для гэтага патрэбныя жывыя людзі.

Часам бывае — калі бакам абавязкова трэба аб чымсьці не дамовіцца, калі няма такой палітычнай волі — што перакладчыкі робяцца тымі, хто нясе адказнасць нібыта за правал перамоў.

Такое адбываецца не вельмі часта, нават потым, бывае, перад імі выбачаюцца, бо з перакладам усё было добра, але «мы ж разумеем, таму боку трэба было да нечага прычапіцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(8)